Книги

Вуліца Добрай Надзеі

22
18
20
22
24
26
28
30

Аднойчы, калі жаўрукі ашалелі ў бясконцай песні ды цягнулі яе так доўга, пакуль неба поўнасцю не звалілася на поле і лес, а дзед Уладзімір, прысеўшы на кукішкі, насычаў ноздры водарам блакітаў, чорны Унра капытом, магутнейшым за кулак Махамеда Алі, пацэліў яму дакладна ў патыліцу. Засталося зрабіць адзін крок і ступіць у нябёсы.

— Усе імперыі на тое і ўзнікаюць, каб тутэйшага праваслаўнага мужыка шпарыць з абедзвюх рук па мухаедах, — сцвердзіла. бабка Сонька. — І лепей тры разы прамаўчаць, як тры разы сказаць “так” або “не”.

На тры фурманкі яна загрузіла хатку і сыноў і выправілася ў Мястэчка, дзе раней пасялілася яе малодшая сястра Маруся, што за ваенным часам насіла ў лес партызанам хлеб і маленькую жменьку звычайнай, жаночай радасці. Зараз, заваяваўшы магістраты і іншыя важныя ўстановы, партызаны паклікалі за сабой і яе. Уладкавалі вахцёркай на фабрыцы і кожны год у Дзень перамогі прыхарошвалі яе бліскучым медалём або ордэнам.

— Дом патрабуе жанчыну, а зямля мужчыну. А ў Мястэчку можна жыць і без зямлі. Вось і выжывеш, — разважыла Маруся.

І паехалі.

Мястэчка

Над Мястэчкам заўсёды стаяў цень пушчы і пах жывіцы. Прадмесце выходзіла з дрэў аднапавярховымі домікамі, якія расстаўляліся ўздоўж завулкаў, а крутыя, гравейныя завулкі, склікаючыся ў пары, у тройкі, выбягалі на выкладзеныя камянямі вулачкі. Не даходзячы да цэнтра, брук перадаваў палачку асфальтаваму палатну галоўнай вуліцы, а драўляныя хаткі саступалі месца шматпавярховым бетонным блокам.

Па адзін бок гэтай асфальтавай стужкі шэрым прамавугольнікам стаяў магістрат, па другі — фабрыка. У сценах магістрату вырашаліся шляхі Мястэчка, у фабрычных цэхах прыходзілі на свет сталы і крэслы. Час ад часу нейкі рабочы развітваўся з цікавай блузай і станком і перасяляўся ў магістрат або фабрычны кабінет. Здаралася так, бо мясцовы свет быў вельмі малады, і лёсы людзей пісаліся ад рукі, не зважаючы на рэкамендацыі ранейшых пакаленняў, а нават і універсітэцкія дыпломы.

Чалавек вяртаўся дамоў, адчыняў шафу, даставаў адтуль касцюм, падступаў бліжэй да вакна, цаля за цаляй ацэньваючы прыдатнасць старой вопраткі да новага жыцця. Апярэджваючы збянтэжаны позірк шлюбнай жонкі, казаў: “А раніцай пайду не на фабрыку, а ў магістрат. Бо я ўжо інспектар”. Або: “Падрыхтуй белую кашулю. З заўтрашняга дня я не за станком, а пры стале, у кабінеце”.

Да поўначы ён вывучаў мудрагелісты шыфр гальштука, а яна прасавала кашулі. Уяўляла пры тым вочы бліжэйшай суседкі, калі раніцой у чарзе па хлеб выявіць для яе шэптам сваю найнавейшую таямніцу: “Ведаеш? У мяне зараз супольная падушка з кіраўніком цэха”. А калі суседка ад хвалявання каўкне сліну і разявіць раптоўна засохлыя вусны, бо першая здагадка, якая прыйдзе на думку, будзе цалкам непрыстойнай, тады вось, не шэптам ужо, а поўным голасам скажа: “Майго вылучылі, ён цяпер кіраўнік цэха”.

Разглядаючы цэнтр Мястэчка, хтось можа здзівіцца адсутнасці ратушы, пышных палацаў, экзатычных паркаў, спярэшчаных фантанамі або тоўсценькімі купідонамі. Але здзіўляцца не трэба. Мястэчка яшчэ малодшае за бліжэйшы свет, і не так, здаецца, даўно ў цэнтры яго расла пушча і сюды прыязджалі пастраляць зуброў літоўскі князь або польскі кароль. Потым высеклі дрэвы, узнікла фабрыка, а прыцэліцца на буйную звярыну пасунуліся міністры ды ўсялякага калібру дырэктары і сакратары. Бо свет мае свае прынцыпы і беражэ іх як зрэнку. За кожнай уладай, вызначанай — не мае значэння — Богам ці выбарчым бюлетэнем, крочыць нязменная цяга да дубальтоўкі або штуцара.

Усе першыя жыхары Мястэчка былі сталярамі і на сваёй фабрыцы даставалі з пушчанскіх дрэў пякучы шкіпінар, мэблю, дошкі і дылёўкі — доўгія, жоўтыя, бы грамнічныя свечкі. Такому занятку аддаваліся з панядзелка да суботы. Восеньскімі і зімовымі досвіткамі, раней за сонца, чорныя фігуркі людзей высыпаліся з маленькіх домікаў, утыкаліся ў морак завулкаў, каб, давалокшыся да галоўнай вуліцы, выявіцца нанава святлу і свету. А вуліца згартала іх і, падштурхоўваючы стрэлкамі гадзіннікаў, што няўхільна набліжаюцца да шостай гадзіны, кіравала на раззораны ліхтарамі фабрычны пляц. Перасякалі браму сотнямі. І толькі іх твары, хвілінай раней высечаныя з адной глыбы паўсвятла, заставаліся ананімнымі, кропля ў кроплю падобнымі адзін да аднаго. Калі якраз у такі момант Юры Гагарын кружыў у сваёй бліскучай бляшанцы над Зямлёй і калі б час дазволіў яму назіраць гэты абразок, не магла б яму прыйсці ў галаву іншая думка, чым уяўленне бязмежнага сабора, што, прадчуваючы блізкі канец свету, склікае да алтара ўсіх, хто жывы.

А потым, як штодзень падымалася сонца і вандравала з усходу на захад — у дзве гадзіны пасля поўдня фабрычная брама выпускала людзей на вуліцу. Разам з сонечным святлом кожнаму чалавеку вяртаўся свой твар, у кожнага ўзнікалі свае думкі і раскрываліся свае сцежкі. Сямейныя няспешна ішлі дадому, халасцякі зачэпліваліся за бар “Сонейка”, а маладыя і закаханыя ляцелі імклівым крокам насустрач свайму каханню.

Суботнімі надвячоркамі сталяры крочылі ў лазню адмыцца ад жывічных водараў. Але лясны водар быў мацнейшы за ўсе лазні свету — уціскаўся пад пазногці, учэпліваўся ў валасы, насычаў скуру, і сёмага дня, у нядзелю, накрываючы яго святочнымі касцюмамі, яны ішлі ў царкоўку або касцёлік згаварыць малітву за спакой і нязменнасць шасці бліжэйшых дзён.

Побач з лазняй стаяў музей. Будынак быў невысокі, але прасторны. Дакладна такія павінны быць музеі пралетарскай рэвалюцыі, ды і ўсе астатнія. У мінуўшчыну трэба заходзіць з пахіленай галавой, вандраваць зігзагамі калідораў, у якіх не ведаеш, а толькі здагадваешся, што чакае за чарговым паваротам. Час у музеях не цячэ жывымі струменямі — ён выстаўлены там на агляд паасобнымі, замарожанымі фрагментамі. Найважнейшымі — на думку тых, хто ў дадзены момант валодае светам. У залах гэтага музея ў шкляных вітрынах як доказ пралетарскага паходжання жоўклі партыйныя білеты, агітацыйныя лістоўкі і газеткі Мястэчка. З-за чырвоных сцягоў вытыркаліся барадатыя партрэты. У непарушнай цішыні Ленін з Марксам назіралі, ці не зварочвае са шляху парадак свету, вызначаны іх тоўстымі кніжкамі і канчаткова замацаваны салютам “Аўроры”.

Па суседстве з музеем знаходзіўся Дом партыі. Гэты гмах, які заўсёды зірыў на вуліцу высокімі, чорнымі вокнамі, рабіў уражанне мёртвага, пакінутага самому сабе, і толькі ў першы майскі дзень вокны яго раскрываліся, а вялікі балкон ажываў і запаўняўся гоманам. Мёртвасць была ўсё-ткі толькі павярхоўнай. За тоўстымі сценамі, за густымі заслонамі, праз якія не прабіцца ані святлу, ані слову, вырашаліся справы куды важнейшыя, чым у магістраце. Менавіта тут, пакуль чалавек рабіўся сапраўдным чалавекам, праходзіў ён своеасаблівы каранцін. Кандыдаты ў кіраўнікі або дырэктары, бы цацачныя салдацікі, доўга круціліся ў тоўстых пальцах сакратароў. Цацкі ўсміхаліся какетлівымі ўсмешкамі, тактоўна пералічвалі заслугі, вышэптвалі ўсе гісторыі свайго жыцця — чыстыя, бы сляза анёла. Дакладна так паводзяць сябе маладыя паненкі, калі створаны ў марах прынц абдорвае іх выпадковай ласкай, і гэтую ласку хочацца ім затрымаць за сабой на ўсё астатняе жыццё. А стомленыя вочы сакратароў, разгледзеўшы дэталёва чалавечыя фігуркі, рабілі баланс усіх “за” і “супраць”, падводзілі рыску і вырашалі — хто застаецца на стале, а хто ідзе пад стол.

У такі свет заехала аднойчы на трох фурманках Сонь-ка Іванюк. На пляц побач з домікам сястры Марусі разгрузіла сваю хатку, а рукі суседзяў і нават зусім незнаёмых людзей, узамен за добрае слова, хутка паднялі яе на фундаменты. Шмат якія местачкоўцы былі тады яшчэ малодшымі за сваё Мястэчка і слова “дзякуй” кружылася з рук у рукі паўнацэннай манетай.

З першага дня ў Мястэчку дзецям пачалі блытацца сцежкі. На пачатку ўсё выглядала нявінна, нават смешна. Малы Антон, адпраўлены ў школу, міжвольна кіраваўся на лес. Высланы ў ларок па хлеб, Коля вяртаўся, сціскаючы ў пальцах жоўты лімон. А наймалодшы, Сашка, зусім забыў дарогу ў даросласць. Праходзілі дні і месяцы, а ён заставаўся ў краіне дзяцінства. Ледзь навучыўшыся хадзіць, пачаў паспяхова набіраць шлях на фабрыку. Абмінаючы чуйны позірк маці, незаўважна вышмыгваў з панадворка. Гравейкамі, маставой, асфальтам дабіраўся да фабрычнай брамы.

— Таксама хачу быць сталяром, — выпінаючы маленькія грудзі, зазіраў у вочы вахцёрам.

— Гадоў праз пятнаццаць, — смяяліся вахцёры. — І не забудзь падрасці!