Книги

Вуліца Добрай Надзеі

22
18
20
22
24
26
28
30

Прывезлі яе на матацыклах чатыры немцы, якія раскватараваліся ў Саўчуковай хаце, што на ўскраіне вёскі і, не зачапіўшы пальцам за палец, прасядзелі так тыдзень. Гэта нармальна. Хлопцы былі маладыя і стройныя, а іх мундзіры прыгажэйшыя за святочны касцюм пана Драгабыцкага, і ў такіх мундзірах можна, аблакаціўшыся на стол пад грушай, разважаць пра музыку паноў Моцарта і Бетховена або гавэндаць пра вялікія пачыны старажытных рыцараў, а ў самым горшым выпадку прагуляцца матацыклам у поле, зірнуць, як парабкі выбіраюць там бульбу і ці не зашмат яе пакідаюць у зямлі, каб потым, пад покрывам ночы, вярнуцца і завяршыць працу. Але чатыры нямецкія хлопцы не цікавіліся ні музыкай, ні бульбай. З раніцы да поўдня чысцілі свае аўтаматы, хухалі на іх і дзьмухалі, націралі нейкай маззю і глянцавалі суконнымі анучкамі, заўзята, пакуль на карычневых прыкладах не ўзышло вераснёўскае сонца. Аднойчы вечарам, нават не развітаўшыся з гаспадарамі, у якіх кватаравалі сем дзён, яны запусцілі маторы і ад’ехалі на захад.

Раніцой з усходу прыйшлі рускія. Іх мундзіры не прыцягвалі вачэй такой беззаганнасцю, як мундзіры чатырох нямецкіх хлопцаў, і рускія, не губляючы лішне час, закасаўшы рукавы, узяліся за справу. На пачатак расстралялі пана Драгабыцкага, запісалі ў калгас ягоную зямлю, кароў і коней. Нават Султана, які ўжо па сваіх конскіх календарах быў старэйшы за свайго пана і спакойна перажоўваў у стайні фураж мінулай славы, залажылі ў плуг і вытурылі ў поле. Старшынёй калгаса рускія прызначылі Пашку Лушча, якога мясцовыя клікалі Пашка-Пляшка, бо ў Пашкі ніколі не было сваёй зямлі, затое часу хоць адбаўляй, і ён бавіў гэты час у карчме Ешкі Блума, распавядаючы гісторыі пра краіны, дзе ўсе людзі роўныя і аднолькавыя, бы штыкеціны ў плоце, а сваю зямлю не закоўваюць яны ў межы прыватных загонаў. Але зараз Ешку даручаліся сур’ёзныя абавязкі калгаснага бухгалтара, карчма зачынілася, дык і ў Пашкі паявілася магчымасць старшыняваць калгасам.

Праз паўтара гады, калі ў разгары стаяла лета, неба загудзела самалётамі, з самалётаў выходзілі чорныя ніткі і вогненнымі клубкамі разрываліся на зямлі, пераўтвараючы чыгуначны вузел у Чаромсе ў нікому не патрэбную кучу металалому. Рускія пакінулі ўсе незавершаныя справы і стрымгалоў кінуліся да сябе дамоў, а на танках і матацыклах прыехалі немцы. У параўнанні са сваімі калегамі, якіх бачылі тут раней, гэтыя не выглядалі ўжо так элегантна. Мундзіры запыліліся ў дарозе, а з аўтаматаў не ўсміхалася сонца. Пэўна таму, апусціўшыся з танкавых вежаў, неадкладна кінуліся шукаць якінебудзь занятак. На пачатак павялі пад расстрэл Ешку і Пашку. Ешка плакаў, а Пашку было ўсё адно. Гадзінай раней ён высмактаў паўтарачку самагонкі, і вось зараз, у чым быў абсалютна перакананы, ішоў на спачын, як і штодзень, падтрыманы бяспечнымі рукамі кампаньёнаў.

За танкістамі ў легкавых машынах прыкацілі геадэзы і калгасную зямлю пана Драгабыцкага вярнулі ў гістарычныя межы. Танкі пасунуліся далей на ўсход, пакідаючы асноўныя паўнамоцтвы на руках тоўстага Казіміра Валанцея. Раней ён быў аканомам у двары, а за-раз пераапрануўся ў паліцэйскі мундзір, снаваў з хаты ў хату і казаў: “Яны там гуляюць на матацыклах, а тут усё на маёй галаве. Аднаму дай падводы, другому забяспеч шарварак, а трэцяму хоць з-пад зямлі дастань, а знайдзі добраахвотнікаў на працу ў Германію. Аж галава трашчыць”. Зімой у пушчы завяліся партызаны, пашыраючы дыяпазон паліцэйскіх абавязкаў на ахову чыгункі, якую вельмі сабе ўпадабалі, час ад часу выпраўляючы ў неба загружаны жалезам эшалон.

Апошні раз матарызаваная нямецкая калона наведала вёску гады праз тры, але цяпер, збягаючы з усходу на захад, не затрымлівалася ні на хвіліну. За спінай немцаў пешаком крочылі рускія, ды крочылі так шпарка, што танкам і матацыклам не было часу спыняцца.

Гэтыя рускія таксама нічым не прыпаміналі бачаных раней. Вядома, традыцыйна запусцілі кулю ў натруджаны лоб паліцэйскага Валанцея, які з-за сваёй тлустасці не паспеў зачапіцца за які-небудзь танк або матацыкл, а потым чарнявыя, касавокія жаўнеры аддаліся захапленню. Захапляліся ўсім, чым сустракаў іх мясцовы свет. Ціканнем гадзінніка, курыным яйкам, пчалой, што вяртаецца ў вулей з крошкай мёду на ножках. А калі ў паўзмрочнай стайні адшнырылі Султана, захапіліся дашчэнту, але іначай. Зусім як сустрэчай з добра вядомым суседам або краявідам. У такіх выпадках чалавека агортвае радасць. Чалавек усміхаецца вачыма і вуснамі, і поўным тварам, і ўсёй постаццю.

— Ах ты, родненькі мой. Ну, давай, пайшлі, — жаўнерская ўсмешка пералілася з твару ў рукі, і далоні пяшчотным жэстам кранулі пасівелую конскую галаву, загортваючы яе ў жоўтыя раменьчыкі аброці. І Султан не пратэставаў. Ен зусім ужо страціў зрок і, блытаючы капытамі, ішоў, куды скажуць.

— Харошая лёшадь. Харошая. Малядэц, — шаптаў у конскае вуха касавокі жаўнер, а ягоныя пальцы няспынна гладзілі конскую грыву і шыю. А як адступілі за стадолу на крокаў дваццаць, пальцы слізганулі ў кішэню, і бліснула на сонцы крывое лязо сцізорыка, беспамылкова знайшло на конскай шыі патрэбную сабе жылку, і Сул-тан, згінаючы калені, апусціўся ў траву. Кульнуўся на хрыбет, капыты затанчылі, перабіраючы залатыя струны сонца. Затым, пасечаны на кускі, танчыў у кіпячай вадзе яшчэ двое сутак пад гукі гармоніка і глухія бубны жаўнерскіх страўнікаў.

Дзесьці на захадзе заядлымі салютамі заходзіліся гарматы, самалёты разбівалі ў пух варшаўскіх паўстанцаў, а паніч Стасінак на гусеніцах нямецкіх танкаў высякаў шабляй апошні раздзел гісторыі роду Драгабыцкіх, і тады ў Іванюкоў нарадзіўся наймалодшы сын, Сашка. Потым з’явіўся ў вёсцы капітан Жлуктоў, а праз колькі месяцаў прыйшлі геадэзы і пасеклі на кавалкі зямлю пана Драгабыцкага. Працэс называўся парцэляцыяй і здзяйсняў сабой акт гістарычнай справядлівасці.

— Бярэм? — спытала Сонька. — Нядрэнны кусок нам даюць. Там у пана Драгабыцкага заўжды найлепшая ка-пуста і буракі выводзіліся.

Уладзімір маўчаў. Ен сядзеў пад яблынькай, прыдбанай з дворскага саду ў выніку маленькай, асабістай парцэляцыі і бачыў, як пяццю гадамі раней жаўнеры вядуць на расстрэл старога пана. Ідуць праз вёску, мужыкі здымаюць шапкі і апускаюць вочы ў зямлю, жанчыны пазіраюць з-за штыкецін, крадком выціраючы слёзы, тры савецкія жаўнеры за спінай пана Драгабыцкага пасвістваюць вясёлую песеньку, а пан крочыць з высока ўзнятай галавой, адзначае кожны крок лакіраванай кульбай, а дыямантавым позіркам развітваецца са светам і яго малымі праблемамі. Потым, праз груз і попел, Уладзімір бачыў яшчэ, як нямецкія гусеніцы раз’язджаюць паніча Стасінка ў чырвоную пляму, і чуў, як намаршыраваўшыся ўдосталь, усе арміі свету сыходзяць у казармы, з грукатам зачыняючы за сабой дзверы. З такім грукатам друкуюцца пасведчанні аб тымчасовай зямной уласнасці.

Адразу пасля заканчэння сяўбы геадэзы вярнуліся. Пад наглядам камісараў-агітатараў адмянілі сваю ранейшую працу, спайваючы паасобныя загоны ў адзін бязмежны арганізм.

— Што тут цяпер будзе? — пыталі мужыкі.

— Тут цяпер будзе калгас. Вялікі Савецкі Саюз зноў ідзе да нас з братэрскай падтрымкай і дае прыклад, як добраўпарадкаваць зямлю, — вывучанай фразай адказвалі камісары.

— Ну вось, нікуды мы і не дзеліся, — сказала бабка Сонька, агортваючы позіркам доўгія радкі капусты. Дворская зямля раскрылася якраз зялёнымі лісткамі, і яны радасна выбягалі да сонца і да людзей для агульнага карыстання.

Калгас выстаяў год. Прытаіў дыханне да жніва, адгарланіў восень, сяк-так перазімаваў. Напрадвесні разваліўся, а вясной людзі выйшлі ў поле шукаць кожны сваю мяжу.

Зямля, загартаваная ў доўгай гісторыі ледавікамі, землятрусамі і шматлікімі сутычкамі з каметамі і астэроідамі, і гэты кароткі эксперымент вытрымала, не міргнуўшы вокам. Больш пацярпела яе жывая матэрыя. У полі асот узяў перамогу над аўсом, а коні, прастаяўшы зіму на поснай сечцы, дайшлі да вясны моцна скарочанай чарадой. Але тады жыхарам маленькай Апакі працягнула руку дапамогі заакіянская імперыя. У выпадку Уладзіміра Іванюка падтрымка выявілася чорным, смалістым канём. У гонар ахвяравальнікаў назвалі яго Унрам.

“Якое цікавае жыццё. Раз чалавек на белым кані, другі раз на чорным”, — здзіўляўся Уладзімір, закладваючы хамут на смалістую шыю Унры.

Загледжаны ў чорную кропку, Уладзімір ішоў за плу-гам і думаў: “А калі б так даць каню абсалютную волю, мабыць, пралажыў бы ён скібу аж у сваю далёкую Амерыку? А можа, плюнуў бы на плуг ды праляжаў бы ў цяньку дзень да вечара?”

Часам, калі жаўрукі песняй збівалі з прасторы пах неба і скідалі яго ўніз, спыняў каня і слухаў. Затым схіляўся, набіраў жменю пяску, нюхаў яго. Прыжмурыўшы вочы, чарговы раз трапляў у здзіўленне: “Водар нябёсаў нічым не адрозніваецца ад водару зямлі. Значыць, хто ведае пах зямлі, не заблудзіць і ў небе”.